Музей Якуба Коласа

Народны літаратурна-краязнаўчы

музей Якуба Коласа запрашае

У год малой радзімы народны літаратурна-краязнаўчы музей Якуба Коласа запрашае  настаўніцкія і вучнёўскія калектывы школ і прапануе наступныя экскурсіі:

- Вясновымі сцежкамі Коласа;

- Сустрэчы-успаміны з роднымі вучняў;

- Майстар-класы ад старажылаў вёскі ў “сялянскай хатцы” музея;

- “Как упоительны Полесья вечера… ”, - сустрэча з мясцовымі паэтамі, бардамі.

Наш адрас: в. Пінкавічы, вул. Школьная, 18.

Тэлефоны: 37-94-93, +375 (44) 453-87-11 - метадыст Жанна Мікалаеўна Верыч.

Кошт білета для дзяцей – 61 кап. , для дарослых – 1 р. 22 кап.

Літаратурна-краязнаўчы музей Якуба Коласа

Два каласы – дзве праўдзівыя песні!

Поплеч, як сёстры ідуць у свет...

Колькі вы радасці людзям прынеслі,

Колас жытнёвы і Колас – паэт!

Р. Тамола

Многа памятных мясцін на Палессі звязаных з песняром беларускага народа Якубам Коласам (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч). Вераснёўскай раніцай 1904 года, развітаўшыся з маці і сёстрамі, сябрамі і роднымі мясцінамі, Канстанцін Міхайлавіч рушыў на станцыю, адкуль цягнік памчаў яго ў глыбіню Палесся. Пінкавічы … гэтыя тыя мясціны, якія некалі натхнялі вялікага песняра. Ліпы, бярозы, дубы, сялянскія хаты і самі жыхары вёскі … усім гэтым у свой час любаваўся паэт. Тут жа стаіць сціплы будынак - ”коласаўская” школа, як цяпер называюць яе жыхары Пінкавіч. 

Школа мае даволідоўгую гісторыю. Упершыню вучні прыйшлі ў яе сцены восенню 1863 года. Цяпер у Пінкавічах вялікая трохпавярховая школа, якая горда носіць імя вялікага пісьменніка Белаурсі. А на месцы старой – новы цагляны будынак. Тут сёння коласаўскі музей. Лістапад 1990 года – гэта год заснавання музей Якуба Коласа.

Музей мае тры экспазіцыйныя пакоі і вестыбюль. Плошча экспазіцыі 175 кв. м.  У музеі зарэгістравана 400 экспанатаў. Экскурсіі і ўсе мерапрыемствы праводзяцца на беларускай мове.

 Пры ўваходзе ў вестыбюль наведвальнікам кідаецца ў вочы бюст паэта – падарунак музея Я.Коласа г.Мінска. Сам вестыбюль выкарыстоўваецца для правядзення коласаўскіх чытанняў, конкурсаў, арганізацыі выставак, гутарак.

 Першы пакой “Сялянская хата”. У першым пакоі сабраны рэчы сялянскага побыту, якія вяртаюць да жыцця страчаную спадчыну беларусаў. Наведвальнікі музея могуць пазнаёміцца з кухонным посудам, ткацкімі прыладамі, нацыянальным адзеннем, прыладамі працы. Усяго у сялянскай хатке-пакоі амаль сто экспанатаў.

У двух другіх пакоях расказваецца пра жыццё і працу Якуба Коласа ў вёсцы Пінкавічы і далейшы творчы шлях паэта. Стэнды пакояў знаёмяць наведвальнікаў з радзімай паэта, яго вучобай, шляхамі-дарогамі пасля Пінкавіч. Каштоўнымі экспанатамі музея з’яўляюцца фатаграфіі вучняў Якуба Коласа і іх успаміны пра свайго настаўніка. Цікавасць выклікаюць вершы, напісаныя Коласам у пінкавіцкі перыяд, творы народнага паэта на мовах народа былога СССР, на польскай, эстонскай, англійскай.

 Для жыхароў Пінкавіч Якуб Колас дарагі і блізкі тым, што ён працаваў тут настаўнікам. Даўно гэта было, але памяць аб ім жыве і па сённяшні дзень. З ранку і да вечара можна было бачыць Коласа з дзецьмі. Але ён не толькі з дзецьмі працаваў – да яго прыходзілі за парадай і старэйшыя жыхары Пінкавіч. Яго і самаго можно было вельмі часта бачыць у сялянскай хаце. Важна тое, што сяляне ў асобе настаўніка бачылі свайго блізкага чалавека.

 Калі вы хочаце прайсціся сцяжынкамі Якуба Коласа, дакрануцца да рэчаў, якія калісьці належылі беларускаму пісьменніку, пачуць з першых вуснаў ад вучняў маладога пісьменніка ўспаміны пра яго настаўніцкую дзейнасць і проста атрымаць асалоду ад творчасці Якуба Коласа, – мы чакаем вас на экскурсію ў музей Якуба Коласа, які знаходзіцца ў вёсцы Пінкавічы, вуліца Школьная, 18.

Сардэчна запрашаем у музей!

 

Тэлефоны для даведак:

(8-0165)37-94-93 – ЦТДзіМ